"Следапыт"
Лёг у лесе
Белы снег.
І па снезе
Нехта бег.
Адмысловыя
Сляды
Прывялі мяне
Сюды.
Бачу, недалёка
Гойсае Сарока.
– Добры дзень, –
Кажу куме, –
Падкажы,
На ласку, мне,
Хто хадзіў
Каля хваінаў
І глыбокі след
Пакінуў?
І кума
За разам раз
Стракатала
Мне ў адказ:
– Я тут днюю
І начую,
Я ўсё бачу,
Я ўсё чую.
Дзед Мароз,
Чырвоны нос,
Падарункі
Дзеткам нёс.
Ён спяшаўся,
Як штогод,
Каб паспець
На Новы год!
Уладзімір Мацвеенка

***
Весялушка-сакатушка
Нашаптала мне на вушка,
Што прыехаў Чарадзей
Весяліць усіх дзяцей.
З Новым годам ён віншуе,
Падаруначкі даруе.
Падарункаў цэлы воз!
Хто ён, дзеткі?
– Дзед Мароз!
Галіна Дашкевіч

Люты холад
Люты холад.
Сцюжа кружыць.
Лёд скаваў
Раку і лужы.

Першай шэранню
Сняжынкі
Беляць
Хаты і сцяжынкі.

Трубіць вецер
Над зямлёю:
З надыходзячай Зімою!
Леанід Пранчак

Завіруха
Звонка свішча,
Вые глуха
Цёмнай ноччу
Завіруха.

Анідзе
Няма ёй месца.
То галосіць,
То смяецца.

А як стоміцца,
Прысядзе
Снежнай гурбаю
У садзе.
Леанід Пранчак

На Каляды
Барада,
Кажух стары,
Ускудлачаны парык,

Накладны чырвоны нос:
Мой дзядуля –
Дзед Мароз.

Кій лазовы
У руках,
Мех пудовы
На плячах.

З хаты ў хату
Туп-туп-туп.
Дзед вясёлы
Тут як тут.

На Каляды ён
Штогод
Водзіць з намі
Карагод.

Падарункі дзетвары
Дорыць
Добры дзед стары.

Раз у годзе –
Усур’ёз –
Мой дзядуля –
Дзед Мароз.

А мінецца Новы год, –
Ён –
Звычайны дзед Хвядот.
Леанід Пранчак

Тры сыны
У зімы тры сыны:
Снежань,
Студзень,
Люты.
Як адзін – усе яны
У ільды закуты.

Снежань снежыць –
Вецер смешыць.

Студзень студзіць –
Сцюжы будзіць.

Люты вые і лютуе –
Ад вясны снягі вартуе.
Леанід Пранчак

Верабей
На дварэ
Трашчыць мароз.
Верабей
На сцюжы змёрз.

Натапыраны
Сядзіць:
Хоча есці,
Хоча піць.

Верабейка,
Верабей,
Да мяне ляці
Смялей!

Я прынёс табе
Сырок.
Падсілкуйся,
Скакунок.
Леанід Пранчак

Снег
Снег з нябёсаў
Закружыў,
Белы свет
Зацерушыў.

Белы ганак,
Белы двор,
Белы вецер,
Белы бор.

Белы вечар,
Белы змрок,
Белы
Юлін кажушок.
Леанід Пранчак

З горкі
Спрытна
З санкамі на горку
Ускараскаўся Рыгорка.

Горка снежна-ледзяная
На зімовым сонцы
Ззяе.

Баязлівец не рашыцца
З горкі ўхабістай
Спусціцца.

Сеў у саначкі Рыгорка,
Паляцеў
З высокай горкі

Па калдобах
Праз дзядзінец.
Наш Рыгор –
Не баязлівец!
Леанід Пранчак

Снегавік
Лепім мы
Снегавіка –
Цуда-юда –
Дзівака.

У яго не рукі –
Палкі.
Вочы –
Вугалю кавалкі.

Морква – нос,
А галава –
Гурба снегу
І трава.

На узгорку,
На прыпёку
Ён не мерзне,
Голы.

Страшны зблізку,
А здалёку –
Добры і вясёлы!
Леанід Пранчак

Белячок
– Зайчык,
Зайчык-белячок,
Дзе бяліў свой кажушок?
З шэрага на белы,
Фарбаю ці мелам?

– Я нідзе не фарбаваўся
Аніякім мелам,
Проста ў снезе паваляўся
І зрабіўся белым.
Леанід Пранчак

Рукавічка
Дзве малыя рукавічкі –
Дзве маленькія сястрычкі.

У двары вялікім недзе
Я адну згубіў у снезе.

А яна –
Зусім малая.
Дзе шукаць яе –
Не знаю…

Шчабятлівая сінічка
Мне прынесла рукавічку.

– Вось, трымай, –
Твая прапажа, –
Мне сінічка з дрэва кажа.

Дзякуй,
Любая сінічка.
Прывітанне, рукавічка!
Леанід Пранчак

Валёнкі
У Алёнкі,
У Алёнкі
Незвычайныя валёнкі.

І Алёнка –
Скок-паскок –
Крочыць з мамай у садок.
Ранак сонечны і звонкі.
Рып-рып-рып, –
Пяюць валёнкі.

Ледзяшы блішчаць са стрэх.
Рып-рып-рып, –
Спявае снег.
Леанід Пранчак

Разгулялася завея
Перад самым Новым годам,
За якога за паўдня,
Разгулялася завея –
Снегападу нераўня.

Па усёй па Беларусі
Несуцешлівы прагноз:
Моцны вецер,
Завіруха,
Галалёдзіца,
Мароз.

Не на жарт усхвалявала
Нас такая навіна.
Снег са сцежак і дарожак
Мы зграбалі дацямна.

Завіхаліся старанна,
Працавалі усур’ёз,
Каб да нас на святкаванне
Не спазніўся Дзед Мароз!
Леанід Пранчак

Адмарозіў лапкі
Коцік басаногі
Па сняжку гуляў,
Адмарозіў лапкі
І заплакаў: – Мяў…
Што за дзіва гэта?
Трэба бегчы ў дом:
Снег такі халодны,
А пячэ агнём…
Іван Муравейка