Кансультацыя.
ПАКРОЎ.
Свята адзначаецца 14 кастрычніка (1 кастрычніка ст. стылю).
ПАКРОВА, ПАКРОЎ, ТРЭЦЯЯ ПРАЧЫСТАЯ – адно з асноўных народных свят восеньскай пары. Паходзіць яно з часоў, калі славянскія земляробчыя плямены пакланяліся язычніцкім багам, сімвалізавала пераход ад лета да зімы.
Праваслаўная царква само слова тлумачыць як пакроў (пакрывала) Божай маці, як знак дапамогі Прачыстай усяму пакутаючаму свету.
Пакровы сабралі шмат прыкмет і парадаў, звязаных з прыродай і гаспадаркай.
“Якое надвор’е ў дзень Пакрова, такім яно будзе ўсю зіму да вясны”
“Калі лісты з дуба і бярозы ападуць чыста – будзе легкім год, а не чыста– быць суровай зіме.”
Гэта час, калі з поля і агарода ўсе прыбрана, засталося толькі ўпарадкаваць ураджай, уцяпляць жылле, нарыхтаваць паліва.
“Прыйшла Пакрова, пытае, ці да зімы гатова”.
“Хто сее на Пакрова – не будзе мець чаго даць карове.”
Скаціну пераводзяць на стойлавае ўтрыманне “Пакрова – зарыкала ў хляве карова”.
Гаспадарчы дастатак і вольная часіна даюць магчымасць ладзіць вяселлі. “Прыходзіць Пакрова – раве дзеўка, як карова”. Наладжваюцца вячоркі, дзе за працай, песнямі і гульнямі хлопцы выглядаюць нявест.
Напярэдадні Святога Пакрова рыхтуюць стол, дзеўкі варожаць на суджаных. Назаўтра зранку ідуць у царкву, вернікі нясуць кветкі, хлеб, стравы. Дзяўчаты, што жадаюць выйсці замуж, ставяць свечку перад іконаю Пакрова і моляцца: “Святы Пакроў! Пакрыў ты і зямлю, і ваду – пакрый і мяне, маладу!”. Амаль кожныя Пакровы не абыходзіліся без вяселляў.
Калі свята прыходзілася на нядзелю, то ў некаторых вёсках спраўлялі кірмашы. Вечарам моладзь збіралася ў гурты, гуляла, весялілася, дамаўлялася,калі ісці на попрадкі, вячоркі.
Социальные закладки